Тры храмы Сцяпана Антонава

— Ніколі не забуду, як Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт асвячаў адноўленую Гарадоцкую царкву і пацалаваў бярвенні ў сцяне…

Сцяпан Антонаў з настаяцелем Груздаўскай царквы Анатоліем Паповым.Сцяпан Антонаў з настаяцелем Груздаўскай царквы Анатоліем Паповым.

У той момант я зразумеў: усе мае старанні не былі дарэмнымі. Калі праз некалькі гадоў я запрасіў уладыку асвяціць адноўленую Груздаўскую царкву, ён сказаў: «Да цябе я не магу не прыехаць!» – вяртаецца ва ўспамінах у 1990-я гады жыхар вёскі Яхімоўшчына Сцяпан Антонаў.

Сцяпан Несцеравіч нарадзіўся за 12 дзён да пачатку вайны і вырас у мнагадзетнай сям’і без бацькі. У арміі з-за цяжкай траўмы галавы перанёс клінічную смерць, атрымаў інваліднасць. Аднак не паддаўся роспачы, стварыў сям’ю, разам з жонкай Антанінай Ільінічнай выгадаваў чацвярых дзяцей. 26 гадоў працаваў трактарыстам, вадзіцелем, майстрам-наладчыкам у саўгасе. А ў канцы 1980-х сабраў будаўнічую брыгаду і пры падтрымцы неабыякавых людзей аднавіў тры царквы – Палачанскую, Груздаўскую і часткова Гарадоцкую.

— Гасподзь дапамагаў мне! — гаворыць Сцяпан Антонаў, які 10 чэрвеня адзначыў сваё 80-годдзе. У гэты дзень, які супаў з царкоўным святам Узнясення Гасподняга, яго шчыра віншавалі, спявалі «Многія лета» прыхаджане Груздаўскай, Палачанкай цэркваў.

Сцяпан Несцеравіч часта бывае ў Груздаўскай царкве, у аднаўленне якой уклаў шмат працы і сіл.

Вымаліў маці ў Бога

Родам ён з вёскі Маршалкі на Валожыншчыне. Яго маці Марыя Ільінічна выйшла замуж за ўдаўца Несцера Канстанцінавіча Антонава, у якога пасля смерці жонкі засталося трое дзяцей. Нарадзілі яшчэ чацвярых. У вайну ў іх лясной вёсцы ноччу адпачывалі партызаны, бацька рамантаваў ім абутак, вупраж. Днём жа прыязджалі немцы, прымушалі нарыхтоўваць лес. Сям’я жыла ў пастаянным напружанні. Старэйшая сястра Софія была партызанскай сувязной, сшытак з яе ўспамінамі Сцяпан Несцеравіч захоўвае як сямейную рэліквію. Вясной 1944-га памёр бацька, меншым дзецям, блізнятам Канстанціну і Феадосіі, быў усяго месяц. Як выжылі і чаго гэта каштавала іх матулі, аднаму Богу вядома… Ды бяда, як кажуць, не ходзіць адна. У 1955 годзе захварэла на рак маці. У роспачы Сцяпан пайшоў у Гарадзілаўскую царкву, настаяцелем якой быў Алексій Маеўскі.

— Ці змагу маці дапамагчы? – спытаў у бацюшкі.

— З Гасподняй сілай любая хвароба адступае! – усяліў святар надзею.

Шчыра маліўся сын, прыводзіў у дом свяшчэнніка. І матуля, якая не ўставала і крычала ад болю, стала садзіцца на ложку, ногі спусціла, да акна падышла. Яна пражыла яшчэ больш за 30 гадоў…

Сцяпан закончыў 6 класаў, паступіў у Пастаўскае рамеснае вучылішча па механізацыі на трактарыста. Пасля яго адправілі на цаліну, даверылі камбайн.
У час армейскай службы ва Усходняй Германіі атрымаў цяжкую траўму і інваліднасць, перамагчы якую яму дапамаглі малітва і Божая ласка.

Сцяпан стаў шчырым прыхаджанінам Гарадзілаўскай царквы, якая, як сам кажа, падняла яго, наблізіла да «настаяшчага», да царкоўнага…

— Зіма, мароз 30 градусаў, а я стаю ў царкве ў летніх туфлях, і мне цёпла, бо на душы светла, — успамінае Сцяпан Несцеравіч.

У часы ваяўнічага атэізму трэба было мець вельмі моцны характар, каб пастаянна наведваць царкву. Каб па нядзелях хадзіць у храм, ён нават перавёўся з трактарыстаў у вадзіцелі. І стаў надзейным памочнікам айцу Алексію Маеўскаму.

З 1963 года Антонавы жывуць у Яхімоўшчыне, атрымалі тут саўгасную кватэру ў доме па вуліцы Садовай, выгадавалі цудоўных дзяцей. Старэйшы сын Валерый – ваенны афіцэр, падпалкоўнік, жыве ў Маскве. Сяргей шмат гадоў працуе на сталічным МАЗе, Жанна – на харчблоку ў Вілейскай бальніцы, Тамара – на прадпрыемстве ў Беразінскім. У Сцяпана Несцеравіча дзявяцера ўнукаў, сямёра праўнукаў.

— Чаму ў жыцці навучыў вас бацька? – спытала я ў старэйшага сына Валерыя, які прыехаў з Масквы на юбілей.

— Самаму галоўнаму – павазе, добрым адносінам да людзей. Жыць не толькі для сябе, але і для іншых…

«В благословение за усердные труды во славу святой Церкви»

У 1989 годзе пачаўся новы этап у жыцці Сцяпана Антонава. Тагачасны старшыня калгаса імя 50-годдзя Кастрычніка (цяпер ААТ «Палачаны») Уладзімір Мучынскі заключыў з ім дагавор на аднаўленне Палачанскай царквы. Сцяпан Несцеравіч падабраў будаўнічую брыгаду з 12 чалавек. Найпершымі сваімі памочнікамі называе маладзечанцаў Сяргея Соуся і Віктара Гаўрыловіча, з якім потым працавалі і на Гарадоцкай царкве. Расказвае, што Віктар быў атэістам, аднак з часам павесіў над сваім ложкам ікону…

— Што было самым цяжкім у аднаўленні царквы?

— Ды ўсё было няпростым, пачынаючы ад складання каштарысу. Ніхто такога вопыту не меў. Сцены ад вільгаці размоклі, арматурай іх умацоўвалі, дах мянялі, вокны, дзверы. Званіца ўся згніла, немагчыма было на вышыню залезці.
Многія думалі, што мы нічога не зробім. Два гады стаяла царква ў будаўнічых рыштаваннях. А ўжо на трэці год яе асвяцілі, першым настаяцелем тут служыў Расціслаў Сакалоўскі.

Людзі ацанілі тытанічную працу будаўнікоў, сталі хадзіць у сваю царкву. Уладзімір Мучынскі заахвоціў Сцяпана Антонава трактарам. Хаця і не новая тэхніка, але вельмі дапамагла пры аднаўленні Гарадоцкай царквы: было на чым вазіць на пілараму лес.

У час асвячэння Палачанскай царквы. Сцяпан Антонаў крайні злева.

Але і тут без цяжкасцей не абышлося. Царква ў вайну згарэла, разбураная, стаяла без даху. У час яе аднаўлення пачалася інфляцыя, тысячы рублёў імкліва мяняліся на мільёны.

— На дах нам выдаткавалі 90 тысяч рублёў, а праз нейкі час столькі каштаваў кілаграм каўбасы. Давялося на нейкі час спыніць работы, пазней іх завяршыла іншая брыгада.

Асвячаючы храм у Гарадку, уладыка Філарэт з уласных грошай ахвяраваў на аднаўленне Груздаўскай царквы. У 1995 годзе заклалі ў яе першыя бярвенні.

Помнік архітэктуры драўлянага дойлідства быў у вельмі дрэнным стане. Давялося разбіраць яго да фундаменту і перакладаць сцены.

— Залез я на званіцу, стукнуў нагой па бэльцы, а яна і развалілася — не дрэва, а адна каша, — прыгадвае мой субяседнік. – Ушасцярых мы паднімалі на вышыню бервяно, я ў канцы стаяў. Перада мной двое мужчын паслізнуліся, увесь груз на мяне прыйшоўся. Я данёс, не выпусціў бервяно і толькі дома адчуў моцны боль у плячы. Аказалася, сустаў выскачыў, траўматолаг у бальніцы ўпраўляў… На рэнтгене праверылі, нідзе пераломаў не было: Бог збярог…

— Брацца за Гарадзілаўскую царкву мне страшна не было, бо меў вопыт. Хаця праблем было шмат. Некаторыя выступалі супраць аднаўлення храма на яго гістарычным месцы. Аднак усе пытанні вырашаліся дзякуючы промыслу Божаму. Шмат для рэканструкцыі царквы зрабіў яе тагачасны настаяцель Рыгор Папоў. Яго справу прадоўжыў сын Анатолій Папоў, — гаворыць Сцяпан Несцеравіч.

З удзячнасцю прыгадвае і Віталія Сыракваша, ураджэнца Клапачоў, які жыве ў Маскве. Ён ахвяраваў на рамонт значную суму грошай.

У час асвячэння царквы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт узнагародзіў Сцяпана Антонава граматай Беларускай праваслаўнай царквы.

— Сцяпан Несцеравіч, за свае 80 гадоў вам давялося прайсці праз многія выпрабаванні. Што, на вашу думку, самае галоўнае ў жыцці?

— Чалавекам быць! І заўсёды памятаць пра Бога. На жаль, сёння людзі адыходзяць ад сапраўднага, ад царкоўнага…

Усе гады працы па аднаўленні храмаў Сцяпан Несцеравіч запісваў свае думкі, разважанні на паперу. Сабраліся тры тоўстыя штотыднёвікі – рукапісныя кнігі жыццёвай філасофіі чалавека, які хоць і не стаў святаром, але вельмі шмат зрабіў для Беларускай праваслаўнай царквы, для сваёй малой радзімы.

Кранае душу і верш, складзены Сцяпанам Антонавым. Заканчваецца ён такімі радкамі:

«Бог Спаситель,
Царь Небесный!
Ты нас всех благослови,
Чтобы мы в союзе тесном
Жили в мире и в любви…».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Сцяпана АНТОНАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *